«Белорусский – не для умных тем». Разбураем міфы!

Мы привыкли к тому, что серьёзная научная мысль должна быть изложена на английском языке. В крайнем случае — на русском. Андрей Ясюкевич, автор этого материала, готов с лёгкостью разрушить этот стереотип у читателей, представив серьёзные аргументы в пользу родного, белорусского.

Бясспрэчна, стаўленне нашага грамадства да ўласнай мовы – з часоў зараджэння самой ідэі незалежнай Беларусі, населенай народам са сваёй багатай спадчынай – прайшло неймаверную эвалюцыю. Крыху больш за сто гадоў Янка Купала склаў верш “Мужык”, у якім, вуснамі беларускага селяніна выказаў бачанне нашымі “тутэйшымі” прапрадзедамі сваёй гаворкі: “не ходзіць гладка мой язык”. І падобны пункт гледжання ну зусім не сумяшчальны з тым прэстыжным статусам, які, нягледзячы на пакуль невялікую колькасць актыўных карыстальнікаў за апошнія гады набыла мова Купалы, Коласа і Багдановіча. Хто б у часы Багушэвіча мог падумаць, што карыстанне беларускай мовай у штодзённым жыцці калі-небудзь стане азнакай адукаванасці, вытанчанасці, паспяховасці і сучаснасці? Хто б змог прадказаць, што рэкламу на беларускай мове калі-небудзь стане рабіць модна ды файна?

Разам з гэтым, доўгі і пакручасты шлях прайшла за гэты час і сама мова. Яшчэ напрыкнцы ХІХ стагоддзя яна ўяўляла сабой купку слабаапрацаваных дыялектаў, у якой ціхім і ледзь заўважным розгаласам адгукалася слава мовы Статутаў Вялікага Княства Літоўскага і вершаў Андрэя Рымшы, якія чулі толькі нешматлікія і непапулярныя ў свой час патрыёты, такія як Францішак Багушэвіч ды Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Але цягам балючага і поўнага падзей ХХ стагоддзя беларуская мова здолела стаць паўнацэнным сродкам камунікацыі, здольным абслужыць усе сферы жыцця соцыўму. За гэты час пабачылі свет шматлікія творы мастацкай і дакументальнай літаратуры, успаміны, слоўнікі, даведнікі, падручнікі, напісаныя на літаратурнай беларускай мове. Натуральна, нельга абысці славутую Беларускую савецкую энцыклапедыю. На беларускую мову перакладаліся найлепшыя творы сусветнай літаратуры. На нашай мове вучыліся дзеці ў школах ды студэнты ВНУ. І тым не менш, у выніку канкурэнцыі беларускай мовы з рускай, арыентацыя на якую прыносіла нашмат больш практычных выгодаў, колькасць карыстальнікаў беларускай мовы з другой паловы ХХ стагоддзя імкліва змяншалася. Усё больш беларусаў свядома выбіралі навучанне на рускай мове, а яшчэ болей пагаршала сітуацю практыка “вызвалення” дзяцей выхадцаў з вёскі ды ваенных ад вывучэння нацыянальнай мовы рэспублікі. Не пазбаўленыя закаранелага комплекса “мужыка”, вяскоўцы, што цягам урбанізацыі актыўна перасяляліся ў гарады, з радасцю адмаўляліся ад вывучэння “калгаснай” мовы – вызвалялася больш часу на іншыя прадметы ці адпачынак. І ці не таму што ўсё менш і менш людзей цікавіліся роднай мовай і яе цалкам паўнацэнным на той час патэнцыялам, а колькасць беларускамоўных школ і класаў змяншалася, неўзабаве замацаваўся стэрэатып аб тым, што «на белорусском языке невозможно преподавать научные дисциплины», «белорусский язык искусственный и ненаучный” і г.д.?

Яшчэ ў царскія часы любыя спробы вучыць сялянскіх дзяцей пісаць і чытаць на сваёй гаворцы ўспрымаліся нацыяналістычнай імперскай прэсай як “происки дьявола” – што зараз гучыць проста смешна. І ўжо ў ХХ стагоддзі практыка знявагі беларускай мовы вярнулася – але на гэты раз менавіта беларусы былі адказныя за непавагу да сваёй жа спадчыны. І пакуль выдавалася ўсё новая навуковая літаратура на беларускай у рамках рэспубліканскіх і саюзных праграм, як ні парадаксальна, усё больш галасоў паўтарала, як мантру: «белорусский – не для умных тем»…

Яшчэ да нядаўняга часу любыя спробы абмеркаваць праблемы фізікі ці матэматыкі па-беларуску выклікалі смех як у вучняў, так і ў выкладчыкаў, беларускую мову лічылі выключна нішавай з’явай, яе пакідалі для гуманітарных дысцыплін, ды і тое не заўсёды. І толькі намаганнямі нешматлікіх энтузіястаў-лексікографаў і навукоўцаў беларуская мова выжыла па-за межамі прыгожага пісьменства. Так, былі выдадзены слоўнікі фізіка-матэматычных тэрмінаў, “Матэматычная энцыклапедыя” (Мінск, выдавецтва “Тэхналогія”), “Беларуская матэматычная тэрміналогія” Д.В. Дзятко. Шэраг беларускіх навукоўцаў адкрыта кінуў выклік тэзісу аб “дасканаласці” рускай тэрміналогіі.

Прааналізаваўшы тое, як у розных мовах – англійскай, нямецкай, славацкай і інш. – гучыць пэўная навуковая тэрміналогія, яны прышлі да высновы, што досыць часта рускія тэрміны недакладна перадаюць сэнс пазначаных імі паняццяў. Біёлагі Сiдаровiч В. Я.і Казулiн А. В. выдалі некалькі твораў па-беларуску, напрыклад “Жыццё каляводных звяроу i птушак” – і менавіта на рупнай працы такіх “белых варон”, што рабілі свой унёсак праз напісанне беларускамоўных артыкулаў па хіміі, фізіцы, матэматыцы, геаграфіі – і трымалася наша мова ў навуцы. Яны не словамі ды развагамі, а дзеяннямі, вынікамі, даводзілі, што можна і на нашай мове апісваць найскладанейшую навуковую праблематыку. Мяркую, ім трэба выказаць асобную падзяку, бо хто ведае, ці данёс бы хто іншы нашу мову да больш спрыяльных часоў?

А такія часы насталі прыблізна пяць гадоў таму, калі адбыўся сапраўдны ўсплёск беларушчыны – мова пранікла ў бізнес, рэкламу, стала шырэй выкарыстоўваца ў рэлігійных абрадах шматлікіх канфесій. На нібыта “неполноценный язык”, на дзіва крытыкаў ды скептыкаў, попыт стаў настолькі высокім, што ўзніклі цэлыя агенцтвы перакладаў, якія звязвалі сябе з беларускай мовай, скажам, “Праўны пераклад”. У сваю чаргу, Канфедэрацыя прадпрымальнікаў Рэспублікі Беларусь таксама пачала распрацоўваць праект аб перакладзе сваіх зборнікаў, у тым ліку, на беларускую, пад кіраўніцтвам Алены Анісім, мовазнаўцы і дэпутата. Пачалі адкрывацца першыя курсы праграмавання на беларускай мове. Назіраецца ўзмоцненая цікавасць замежных экспертаў да беларускай мовы, якая вывучаецца ў Германіі, Вялікабрытаніі, пасол якой у нашай краіне, спадарыня Фіёна Гіб усё часцей робіць звароты да беларусаў..па-беларуску! Найбольш актыўна нашу мову вывучаюць у Кітаі.

А наогул, усё болей і болей моладзь пачынае разумець каштоўнасць, прэстыжнасць роднай мовы. Ёй, як модна цяпер казаць, пачынаюць карыстацца найбольш “прасунутыя”.

Такія змены падобныя да хімічнай рэакцыі. Пачынаюцца ў адной кропцы, а потым распаўсюджваюцца па ўсім рэчыве, якім і ёсць наш народ і  наша краіна, якая незаўважна, мажліва, для самой сябе, вяртае на сваё месца мовуі культуру. Калі такія тэндэнцыі атрымаюць свой лагічны працяг, а яны яго атрымаюць, у хуткім часе, як грыбы ў асеннім лесе пасля дажджу, “вырастуць” беларускамоўныя школы і ўніверсітэты, а на рэспубліканскіх алімпіядах па хіміі ды фізіцы ўсё больш маладых людзей будзе прасіць версію заданняў на такой паўнацэннай і такой навуковай беларускай мове.

Ещё интересные материалы:

Мы не рабы или пару слов о патриотизме

Признаки таланта

Традиции образования у белорусов: какие они?

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *