Гуслі – гэта не нейкая легенда, якая знікла ў стагоддзях.

Мы ведаем свае нацыянальныя iнструменты: цымбалы, гармонік, бубен, жалейка i, зразумела, дуда. А гуслi? Чые яны? Часцей мы ўяўляем сабе гусляроў з Кіеўскай Русі. Але чаму тады Янка Купала завецца беларускім гусляром?

Пра гісторыю гусляў, традыцыі і сучаснае выкарыстанне размаўляем з майстрам Алесем Чумаковым, з якім мы пазнаёміліся на нашай любімай выставе «Калядныя ўзоры». Алесь упершыню прадстаўляе там свае музычныя інструменты. Мы, аўтары Nastavnica.by, наведваем «Калядныя ўзоры» кожны год, каб атрымаць асалоду і натхненне, і так здарылася, што ў гэтым годзе нам пашчасціла паслухаць, як Алесь грае на гуслях. У захапленні мы пачалі распытваць музыку аб гэтай легендзе. Адказамі дзелімся з вамі.

Алесь Чумакоў: «Я — майстар музычных інструментаў. Музыка заўсёды вабіла мяне. Я скончыў радыётэхнічны ўніверсітэт, i 15 гадоў прапрацаваў у МінскЭнерга вядучым праграмістам. Але з 2016 года вырашыў канчаткова зрабіць музыку справай жыцця. Хаця мне падабалася працаваць праграмістам і пісаць праграмы (гэта таксама творчасць), але жыццё адно, і я выбраў тое, што мяне натхняе больш.

Алесь Чумакоў

Зараз я вырабляю гуслі, вучу граць на гэтым інструменце, запісваю свае песні і музыку. Я ў захапленні ад таго, што я раблю. Гэты музычны інструмент стварае для мяне велізарную творчую прастору. Я ўдзячны гуслям за гэта і са свайго боку стараюся зрабіць так, каб яны гучалі паўсюль. Дарэчы, ганаруся, што мае гуслі ў маім выкананні гучаць у серыяле «Вікінгі».

Пра гісторыю гусляў:

Я маю зносіны с рознымі археолагамі і цікаўлюся гісторыяй. Гуслі — гэта з’ява Сярэднявечча.

Вядома, што гуслі былі модным гарадскім інструментам у 70-х гадах 11 стагоддзя. Гэты інструмент быў распаўсюджаны ў гарадах Русі, рэшткі гусляў, а часам і iнструменты цалкам знаходзяць у Ноўгарадзе, Кіеве, на Галічыне і нават у Гданьску.

Фрагмент плiнфы з Полацка XII ст.

Выява гусляў была знойдзена ў Полацку на плінфе 12 стагоддзя на месцы будавання Прэабражэнскай царквы. Будаўнік 12 стагоддзя намаляваў пруцікам на плінфе кампазіцыю: двое музыкаў граюць на музычных інструментах. Першы трымае гуслі, а другі — гудок (смычковы інструмент, зроблены па прынцыпу візантыйскай ліры). Таксама маем выяву гусляра 12 стагоддзя з Навагрудку.  У Заходняй Еўропе не было такіх інструментаў, як гуслi. Было нешта падобнае, але менавіта такіх не было.

На маю думку, каб інструмент з’явіўся ў горадзе і стаў папулярным, на ім нехта важны павінны зайграць. Можа нейкі князь, ці нехта ў бліжэйшым атачэнні князя граў на гуслях. У Полацку гэта мог быць Усяслаў Чарадзей. У мяне  ёсць яшчэ адна думка: у 11 стагоддзі ў нас з’яўляюцца візантыйскія двары: прыязджаюць святары, дыпламаты, полацкія князі бяруць шлюбы з візантыйскімi прынцэсамi, аддаюць сваiх дачок за жонак вiзантыйскiм iмператарам.  Гуслі маглі з’явіцца як нешта новае, натхнёнае візантыйскай культурай. Пунктаў гледжання аб паходжанні гусляў існуе некалькі, але відавочна, што гуслі – гэта папулярны прадмет гарадской культуры на нашых землях напрыканцы 11 стагоддзя.

Лiрападобныя гуслi

Што было далей? Ужо ў 12 стагоддзі знаходак гуслей значна меней, а потым і наогул яны знікаюць. Магчыма гэта звязана з распаўсюджаннем рэлігійных традыцый, якія не дапускалі такой культуры. У другой палове 13 стагоддзя — «чорная дзіра». Там гуслей няма ніякіх. У 14 стагоддзі паяўляюцца на глебе той зніклай традыцыі 11 стагоддзя новыя гуслі. Гэта ўжо крылападобныя гуслі, у якіх няма лірнага акна. У іх іншая пабудова і мацаванне струнаў прынцыпова іншае. Яны дужа адрозніваюцца ад тых, што былі ў 11 стагоддзі. Таксама з гэтага часу традыцыя грання на гуслях пачынае прасочвацца ў вёску. Крок за крокам пачынаюць фарміравацца рэгіянальныя адгалінаванні. Так, у латышоў з’яўляюцца кокле, у фінаў — кантэле, у нашых паўночных суседзяў – канклес i г.д.

Крылападобныя гуслi


Мне хочацца, каб як мага болей людзей слухалі гэты старажытны інструмент і спрабавалі сябе ў якасці музыкі. Гуслі – гэта не нейкая легенда, якая знікла ў стагоддзях. Гуслі — гэта чароўны і легендарны інструмент, на якім лёгка і хутка пачаць граць. Я думаю, што лёгкасць у авалоданні навыкам і фантастычны гук – гэта быў асноўны фактар распаўсюджання гусляў на нашай тэрыторыі.

Шчыра кажучы, для мяне гуслі пазбаўлены ідэалагічных і этнаграфічных адрозненняў. Гэта інструмент, які яднае розныя культуры, меркаванні і традыцыі. Гуслі паявіліся ў горадзе, дзе як у адным катле былі змешаны розныя культуры і прынцыпы жыцця. Так і засталося дагэтуль. Гуслі – гэта інструмент для ўсіх.

Каму прызначаны гуслi?

Я раю гуслі ўсім. Асабліва музыкам, якія хочуць паспрабаваць нешта экзатычнае. Таксама тым, хто шукае незвычайнае гучанне. Абавязкова трэба зайграць і тым, хто не хоча займацца музыкай шмат часу. А яшчэ запрашаю тых, хто хоча проста  перабіраць струны ў вольны час. Гэты інструмент вельмі лёгка засвоіць. Памятаеце пра «гуслі-самагуды»? Гэтая назва ўзнікла не проста так. Гуслі ледзьве не самі іграюць.

Паспрабуйце і Вы адчуеце, як традыцыі яднаюцца з сучаснасцю, як вашыя пальцы адчыняюць дзверы ў чароўны мір нашай адвечнай музыкі.»

Ещё интересные материалы:

Культурный код белорусов

Профориентация: Как помочь подростку выбрать «своё»? 

Традиции образования у белорусов: какие они?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *