Свой праект: настолкi на роднай мове для дзяцей i дарослых

Што мне падабаецца ў прафесіі настаўніка, так гэта тое, што ў цябе ёсць шмат магчымасцяў для развіцця. Гераіня гэтага матэрыялу Наталля Галко працуе настаўнікам і паралельна развівае свой праект настольных гульняў на беларускай мове «Скарбонка гульняў». Мы звязаліся з Наталляй, каб даведацца больш пра гульні для дзяцей і дарослых, а таксама каб атрымаць порцыю натхнення.

Наталля Галко:

«Усё пачалось  5 гадоў таму назад з Social Weekend. Падштурхнулі мяне сябры, якія сказалі, што я ствараю матэрыялы, якія будуць цікавыя іншымi. I на той час на беларускай мове амаль нічога не было. Я адчула, што беларуская мова знаходзіцца ў заняпадзе і патрабуе ўсебаковай падтрымкі.  Таму я вырашыла прадстаўляць на Social Weekend праект гульняў для дзяцей i дарослых для вывучэння беларускай мовы.

Падчас удзелу ў SW я пазнаёмілася з суполкай беларускамоўных бацькоў, якія падтрымалі маю ідэю. З дапамогай калег  былі апрабаваны і паказалі сваю жыццяздольнасць і эффектыўнасць мае першыя асобнікі на беларускай мове. Паралельна з гэтым, нечакана для сябе, я прайшла ў фінал спаборніцтва і атрымала падтрымку А1. Яны надрукавалі даволі вялікі наклад з трох настолак — «Хто там», «Хованкі з гномікам» і «Усяму свой час», а кіраўнік фонду «Добра» Аляксандр Скрабоўскі фінансаваў сертыфікацыю гульняў. Напэўна, гэты момант і можна лічыць днём народзін праекту «Скарбонка гульняў».

За 5 год я стварыла каля 50 гульняў рознага кшталту:

— граматычныя (дапамагаюць зразумець розніцу паміж беларускім і рускім маўленнем і напісаннем, а таксама засвоіць граматычныя і лексічныя асаблівасці мовы);

— тэматычныя (спрыяюць пашырэнню слоўніка па розных тэмах);

— гульні па навучанні чытанню і “на ўсялякі выпадак” (можна выкарыстоўваць проста, каб прыемна бавіць час па-беларуску).

Вядома, што галоўная задача, якую быў закліканы вырашыць праект, гэта – матывацыя дзяцей і дарослых да вывучэння роднай мовы, бо з настолкамі гэта атрымліваецца значна лягчэй і цікавей, але, акрамя гэтага, гульні дапамагаюць вырашыць яшчэ даволі шмат пытанняў: развіццё ўвагі, памяці, лагічнага і творчага мыслення, а таксама пашырэнне чытацкіх кампетэнцый дзяцей, авалоданне навыкамі працы ў камандзе і інш.

Я раю настаўнікам свае гульнi. Iх можа выкарыстоўваць ў якасці дыдактычнага дапаможніка літаральна на любым этапе ўрока, гледзячы на яго мэты, а таксама на факультатывах і для правядзення пазакласнай работы. Гэта можа быць моўная размінка напачатку ўрока дзеля матывацыі вучняў на працу і замацавання тэмы папярэдняга ўроку; стварэнне праблемнай сітуацыі для ўвядзення ў новую тэму; правядзенне праверкі засваення ведаў індывідуальна або ў групах; рэфлексія напрыканцы ўрока або нават у якасці  фізмінуткі.

Наконт узросту гульцоў:  калi yапачатку ў праекце было больш развівальна-навучальных гульняў для дашкольнікаў (ад 3+) і малодшых школьнікаў, то зараз у меня ёсць ужо даволі вялікі выбар гульняў для любога ўзросту (у тым ліку і для дарослых) і на любы густ.

Найбольшай папулярнасцю карыстаюцца: “Падарожжа па Беларусі”, “Я жыву ў Беларусі”, “У народзе кажуць” (фразеалагізмы), “Сказаў як звязаў” (прыказкі), “Літаратурны клуб” (знаёмства з беларускімі паэтамі). Зараз рыхтуецца да друку “Спадчына” (14+). Гэтая настолка пазнаёміць гульцоў з гістарычнай і культурніцкай спадчынай нашага краю, а таксама знакамітымі беларусамі. Я ўпэўнена, што гэтая пазнавальна-прыгодніцкая стратэгія ўпрыгожыць сямейную і сяброўскую вечарыну і будзе цікава не толькі старэйшым школьнікам, але і дарослым.

У гэтым годзе вялікім попытам карысталіся сямейныя гульнятэкі і Літаратурныя КВІЗы для гульцоў рознага ўзросту, якія я праводзіла сумесна з Літаратурным музеем, кавярняй “Над Нямігай”, школамі і бібліятэкамі г. Мінска. Яшчэ летась я запусціла ў соцсетках новы праект “Дзеці – дзецям”, які закліканы матываваць маленькіх беларусаў да чытання твораў нашых беларускіх пісьменнікаў, а таксама стварэння базы відэа-матэрыялаў для выкарыстання настаўнікамі на ўроках.

Я планую i найдалей распрацоўваць новыя настолкі (мабыць, зараз больш з’явіцца гульняў для дарослых). Мне хочацца дзяліцца сваім вопытам з калегамі праз прэзентацыі, майстар-класы, адукацыйныя і забаўляльныя праекты, а таксама вас чакаюць новыя сшыткі-дапаможнікі на беларускай мове. Планаў шмат і ўсё хочацца рэалізаваць».

Калегi, вам было цiкава даведацца, як можа настаўнiк дадаткова выкарыстоўваць свае уменні, навыкі і здольнасці каб арганізаваць свой праект? Мы хацелі натхніць вас адкрыць свае новыя грані. Магчыма, яны ўжо адкрываюцца?  У вас ёсць свой праект, які звязаны з адукацыяй і які вас матывуе рабіць новае? Раскажыце нам аб гэтым. Напішыце нам у каментарах пра тое, што цікава вам. Мы шукаем крыніцы натхнення. Вы можаце быць адным з іх.


Ещё интересные материалы:

Игры с детьми на свежем воздухе

«Лента времени»  в методическую копилку учителя

5 «Майндфулнесс» — способ справиться с жизнью

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *