«Дзе ні хадзіў, краса такая, другое нават і не сніў… Ды ўсё ж усім я спачуваю, хто на Вушаччыне не быў!»
З гэтых натхняльных радкоў пачынаем наша падарожжа з настаўнікам гісторыі Уладзімірам Хамёнкам.
Я усiм раю прыехаць ва Ўшачы, каб адчуць, знайсці, асэнсаваць…
З пункту гледжання гісторыі, гэта месца прывабнае ў першую чаргу з-за літаратуры (Ушачы – гэта калыска Рыгора Барадулiна). Па-другое — гэта партызанскі край, а, па-трэцяе, тут захаваліся парэшткі мінулага ў архітэктуры. Калі б у мяне была магчымасць пабываць ва Ушачах і раёне ў пэўны гістарычны перыяд, то гэта былі б 20-30 гады ХХ стагоддзя, калі па тэрыторыі раёна праходзіла мяжа з Польшчай. Было б цікава паглядзець на жыццё людзей, якіх падзяляла не толькі мяжа, але і пэўныя ідэалагічныя, культурныя, палітычныя абставіны. Цікава адчуць змены ў светапоглядах, адносінах, ва ўласным жыцці людзей у тагачасных рэаліях. Што бы я рабіў? Хутчэй за ўсё я быў бы жыхаром польскай часткі нашага раёна і,вядома ж, дапамагаў бы былым суседзям за мяжой, якія пакутвалі ад рэпрэсій і суцэльнай калектывізацыі. Я пераводзіў бы іх праз мяжу, змагаўся з бальшавізмам, дапамагаў бы рэчамі першай неабходнасці, прадуктамі харчавання. Напэўна я жадаў бы пабачыць прадзеда, якога неўзабаве падвергнуць рэпрэсіям.

Але мы зараз у XXI стагоддзі і можам вяртацца ў гісторыю, падарожнічаючы. Вось я напрыклад, больш за усё люблю вяртацца на невялікае лясное возера Баравёнак. Гэта маё любімае месца: я там правёў усё дзяцінства. Зараз туды можна дабрацца пехатой ад вёскі двор Пліна (2-3 км), бо туды транспарт ужо не ходзіць, а жыхароў там ад сілы 10 чалавек. Раней гэта была дастаткова населеная вёска: была ферма, працаваў магазін, у вяскоўцаў быў свой асобны статак кароў. На возеры было шмат народу кожнае лета: з блізкіх вёсак вабілі там час. Я памятаю, як ўначы мы з бацькам лавілі там ракаў з факелам, іх там было, дарэчы, багата. Менавіта там я шмат з кім пасябраваў. Возера, дарэчы, лясное і ў лесе шмат напамінаў аб мінулай вайне, грыбоў і ўсялякіх звяроў. Часта вяртаюся туды, кааб зноў адчуць трапятанне летніх дзён і пагрузіцца ў прыемныя ўспаміны.

Я люблю падарожнічаць па нашых мясцінах. Са сваімі вучнямі мы рэгулярна адпраўляемся ў
невялікія падарожжы. Для мяне як для настаўніка гісторыі і чалавека, які вырас на Ушаччыне, падарожжа па нашым краi — гэта працэс перадачы ведаў і любові, любові да роднай зямлі. У 2019 годзе мы з вучнямi ажыццявілі паход на 256 км.
Зараз я хачу прапанаваць яго тым, каму, ў першую чаргу, да спадобы атмасфера маленькіх гарадоў і мястэчак Паўночнага Захаду нашай краіны. Таксама гэты маршрут спадабаецца тым, хто цiкавiцца не старажытнасцямi, а амаль стогадовым мiнулым. Маршрут накіраваны для навучэнцаў; каб яны змаглi вывучаць архітэктуру, экалогію, гісторыю краіны на рэальных прыкладах, якiя яны ўбачаць сваiмi вачыма.
Нітка маршруту пралягае праз мясцовасць якая да 1939 года была пад уладаю Польшчы і захавала гэтую местачковую «беларускасць»: касцёлы, забудову, звычаі, якія не напаткаў лёс усходняй Беларусі. Падрабязна маршрут можна ўбачыць тут .
Вось некалькі турыстычных рэкамендацый тым, хто абярэ гэты маршрут:
- Маршрут прывабны тым, што на ім шмат славутасцяў.
- Маршрут падыходзіць для адпачынку ў аўтаномным рэжыме – па нітцы маршрута прыпынкі каля населеных пунктаў, якія амаль нежылыя.
- Маршрут рэкамендуецца для прыхільнікаў рыбнай лоўлі – азёры ў в.Матырына, в.Бабынічы, в.Быкаўшчына, в.Грэцкія, в.Вялец — багатыя на ўлоў, шпучак, лін, карась – усё гэта ў вялікай колькасці.
- Калі падарожнічаць летам (пачатак жніўня) абавязкова можна патрапіць на Дзень Іконы Маці Божай Адзігітрыі ў г.Дзісна, Свята бульбы ў аг.Германавічы.
- Абавязкова трэба наведаць в.Быкаўшчына. Ціхі і спакойны куточак, быццам бы застыў у ХІХ стагоддзі.
- Мост праз р.Дзісна. Самы старажытны мост у нашай краіне. Месцічы яго так і называюць – Стогадовы.

- У г.Міёры вельмі прыгожы касцёл, але імша пачынаецца вельмі рана, таму трэба выпраўляцца раней. У касцёле заўжды рады.
- Шпацыр па набярэжнай г.Міёры – адно задавальненне.
- Ельнскія балоты трэба наведваць восенню. Менавіта ў гэты час на балотах максімальная колькасць розных птушак.
- Экскурсію па балотах трэба прасіць у мясцовых жыхароў. У іх сваі, камерцыйныя, сцежкі. Адпаведна сэрвіс і краявіды лепш.
- Варты ўвагі імузей краязнаўства ў аг.Германавічы. Мясцовы краязнаўца Клямент Кажан раскажа падрабязна ўсе пра населены пункт.
- Яшчэ адна цікавая асоба ў Германавічах – Ада Райчонак. Спецыялізуецца на мастацтве. Язэп Драздовіч – яе тэма.
- У аг. Германавічы ёсць вуліца Язэпа Драздовіча
- Германавіцкі касцёл мае арган.
- Касцёл у Лужках асаблівы. Унутры ўтульна. Вернікі добразычліва ставяцца да гасцей. Распавядаюць гісторыю касцёла.

- У аг.Кублічы багатая экспазіцыя прысвечаная В.Быкаву. Каб паглядзець, трэба звярнуцца ў сельсавет. Старшыня Ярмош Марыя Васільеўна ахвотна раскажа аб славутым земляку.
- Дарэчы, есць банэр прысвечаны пісьменніку.
- У Бычках, таксама, правядуць экскурсію з вялікай ахвотай. Мясцовы жыхар які выконвае абавязкі вартаўніка, раскажа і пра Быкава.
- У вёсцы Чарапоўшчына была панская сядзіба. Ішлі размовы аб тым, што там водзяцца розныя звышнатуральныя сілы. Знаходзіліся і відавочцы. Ці то фантазія мясцовых жыхароў, ці то сапраўдныя з’явы мы не даведаемся. Сядзіба некалькі гадоў таму згарэла. Шкада. Было на што паглядзець.
- в.Селішча — Касцёл Святой Веранікі. Дакладней тое, што ад яго засталося. Тым не менш пабудова уражвае. Велічны і прыгожы.
- Мемарыяльны комплекс “Прарыў” аб’ект варты ўвагі любога вандроўніка. Зараз там есць і ўзоры сучаснага ўзбраення.
Уладзімір Хамёнак, настаўнік гісторыі ў ДУА Ушацкай сярэдняй школе
Ещё интересные материалы:
![]() |
Традиции образования у белорусов: какие они? |
![]() |
Мечта, которая сбылась — народный музей. |
![]() |
Мы не рабы или пару слов о патриотизме. |





