Как я учился: иностранные языки по любви и с интересом

Каждый из нас чему-то учится.   Кто-то это делает сам, а кто-то ищет других, способных передать свои знания.  В любом случае, мы учимся и мы развиваемся. Нам как порталу об  образовании и самообразовании интересно то, как люди учатся. В способах каждого есть что-то интересное, что можно взять себе на заметку.  Именно поэтому мы открываем рубрику «Как я учился». В ней мы будем публиковать истории от первого лица, рассказывающие об опыте обучения чему-либо.  И вот наш  первый герой.

Ганна. Скончыла Мінскі Дзяржаўны Лінгвістычны Універсітэт, добра размаўляе на беларускай мове. Працуе перакладчыкам англійскай і нямецкай моў. Мае цікавы вопыт вывучэння замежных моў.

Ганна: “Я вучылася ў школе з паглыбленным вывучэннем англійскай мовы. Перад паступленнем у мяне быў вольны час, і пад уражаннем пасля Еўрабачання (мне вельмі спадабаўся выступ прадстаўніка Босніі і Герцагавіны, да таго ж я захапілася спевамі ды культурай краін былой Югаславіі і нават падумвала пайсці вучыцца на перакладчыка славянскіх моў) узнікла жаданне вывучыць адну з паўднёва-славянскіх моў, бо мне падабалася, што яны, з аднаго боку, гучаць падобна на нашую родную, але часта гэта “ілжывае” падабенства, і словы значаць зусім іншае. Так, я даведалася, што некаторыя лінгвісты выдзяляюць 3 асобныя мовы: баснійскую, сербскую і харвацкую, а іншыя адну — агульную сербахарвацкую мову.

Я пачала шукаць матэрыялы па ўсіх 3 мовах. Найбольш мне спадабаўся курс па харвацкай мове па методыцы “Berlitz”. Там было 24 ўрокі з аўдыёзапісамі і падручнікам. Прынцып гэтага курса такі: першы раз проста слухаеш урок і спрабуеш нешта зразумець, не гледзячы ў падручнік. Потым слухаеш і сочыш за дыялогам па падручніку. Апасля слухаеш урок яшчэ раз, звяртаючы ўвагу на пераклад і заўвагі на палях. Затым вяртаешся на першую старонку ўрока, зноўку слухаеш дыялог (ужо з поўным разуменнем), паўтараеш кожны сказ падчас паўзы і паўтараеш да таго часу, пакуль не зможаш вольна гаварыць без апоры на тэкст. Нарэшце, ужо без аўдыясаправаджэння, чытаеш тэкст услых, пакуль не адчуеш, што вольна валодаеш матэрыялам урока. Такім чынам, ты засвойваеш мову, як дзіця, натуральна. Я займалася не кожны дзень, але з ліпеня да верасня прайшла практычна ўвесь курс.

Далей, калі асновы, на мой погляд, былі засвоеныя, я пайшла на сайт conversationexchange, дзе знайшла файнага суразмоўцу. Я ліставалася з сербам, які вельмі добра размаўляў па-руску. Мы з ім даволі доўга абменьваліся вялікімі электроннымі лістамі на самыя розныя тэмы. Ён выпраўляў мае памылкі ў сербскай мове і адказваў на ўсе мае пытанні. Калі мы толькі пачалі ліставацца, у мяне было вялікая колькасць памылак, бо выявілася шмат момантаў, пра якія не пішуць у падручніках, і псіхалагічна было вельмі цяжка, але паступова іх ставала ўсё меней і меней і недзе праз гады паўтары не стала зусім.

Акрамя размоў з носьбітам мовы я яшчэ слухала музыку і баснійскую, і сербскую, і харвацкую. Таксама глядзела серыялы. Мне вельмі спадабаўся баснійскі гумар. Часам ён чорны, але настолькі смешны злабадзённы, што немагчыма. Мова ў серыялах размоўная. Калі я нешта не разумела, дык здагадвалася па кантэксце і потым пераправярала па слоўніках. Трэба заўважыць, што сербская, харватская альбо баснійская — гэта тыя мовы, дзе як чуецца, так і пішацца. Таму было зручна слухаць, шукаць словы і папаўняць свой слоўнікавы запас.

Праз некаторы час я адчула, што мой узровень мовы стаў добрым і мне захацелася скласці нейкі іспыт, каб пацвердзіць свае веды. Я знайшла Цэнтр славянскіх моў і культур у Мінску. Яны ладзяць курсы і праводзяць экзамены. Я склала поўны іспыт (чытанне, маўленне, граматыку) і экзаменатарка пацвердзіла, што я ведаю сербскую на сярэднім узроўні, адзінае толькі мая лексіка па большай частцы размоўная і часам трохі жаргонная. Гэта і не дзіўна, бо я вывучала мову сама па падручніку, слухаючы панк-музыку, гледзячы серыялы і размаўляючы з носьбітамі. Таму, калі быў набор на курс для тых, хто працягвае вывучэнне сербскай мовы, я далучылася, адшліфавала сваю мову і атрымала сертыфікат узроўню В1.

Наступная мова ў маім жыцці была нямецкая. Шчыра кажучы, у мяне бабуля была настаўніцай нямецкай мовы. Калісьці ў 9-м класе я думала, што з ёй павывучаю гэтую мову, але не атрымалася тады. У МДЛУ я ўзяла нямецкую як другую замежную. У той час, я захаплялася біятлонам і мне вельмі падабалася аўстрыйская сборная. Я глядзела відэа і хацела разумець інтэрв’ю ўлюблёных спартоўцаў. У мяне была моцная матывацыя добра засвоіць гэтую мову. Цікава што, яна мне сапраўды спатрэбілася, каб паразмаўляць са сваімі спартыўнымі фаварытамі ў рэальным жыцці. Аднойчы мне падарылі квіткі на “Гонку легенд” у Раўбічах. Я прыехала туды і мне пашчасціла пагутарыць па-нямецку са сваім улюблёным спартоўцам Крыстафам Зуманам! Ён аказаўся такі ж вясёлы ў жыцці, як і на тэлеэкране.

На 3-м курсе я вырашыла дадаць у сваю лінгвістычную скарбонку яшчэ адну мову, ізноў славянскую.
З дзяцінства я часта чула ўкраінскую мову, бо любіла глядзець мультыкі і дзіцячыя перадачы па “Inter+” — украінскім канале, які ўваходзіў у той час у стандартны пакет. Мне таксама падабалася украінская музыка. Я ўсё разумела, але падпяваць улюбёным гітам было цяжка, бо фанетыка ў мове суседзяў значна адрозніваецца. Таму я вырашыла цалкам апанаваць мову, знайшла ў сеціве падручнік і пачала вывучаць граматыку з акцэнтам на вымову і правільную артыкуляцыю. Я адмыслова стварала ў галаве сістэму, зразумелую мне адной, і некаторыя чаргаванні вывучала проста на памяць (напрыклад, “і-ы-і” у такіх словах, як «нісенітниці», і г.д.) .

А потым у Цэнтры славянскіх моў і культур распачаліся бясплатныя курсы ўкраінскай мовы. У мяне была ўжо някепская база, але, тым ня менш, вырашыла далучыцца і не пашкадавала. У нас было 2 заняткі на тыдзень, адзін з якіх быў кінаклуб. Самае складанае ў той час – гэта было тое, што пачалі блытацца ўсе славянскія мовы. Мы размаўлялі на нейкай трасянцы. У мяне бывала выскоквалі сербскія словы. Але ў майго выкладчыка была 3-я сербская мова, таму ён мяне разумеў. Што мне вельмі дапамагло ў пераходзе на больш якасны ўзровень валодання ўкраінскай, дык гэта падарожжа ў Украіну на пару дзён. Як толькі мы перасяклі мяжу, я вырашыла размаўляць па-украінску. Нават калі нейкага ўкраінскага слова мне не хапала, я выкарыстоўвала беларускае замест і мяне разумелі.

Мне вельмі дапамагла асабістая камунікацыя з носьбітамі. Мы гутарылі на самыя разнастайныя тэмы: IT, космас, нават пра сельскую гаспадарку. Калі не ведала нейкае слова, то наўпрост запытвала, і ў кантэксце лексіка запаміналася лепей. Вельмі цікава размаўляць з чалавекам на яго мове. Недарма кажуць: “Мова – гэта ключ да сэрца!” Калі ты размаўляеш з чалавекам на яго мове, ён адпачатку ставіцца да цябе лепей.

І ўкраінская, і сербская – гэта тыя мовы, якія я вывучыла самастойна, і апасля паспяхова выкарыстоўвала ў размовах з носьбітамі. Але так не здарылася з фінскай. Вось якая гісторыя ў мяне склалася з гэтай мовай:

У МДЛУ давалі магчымасць вывучаць 3 замежных мовы адначасова. У мяне было 2 папулярныя мовы (англійская і нямецкая) і таму трэцюю я вырашыла выбраць складанейшую і радзейшую. Мне падабалася фінская музыка і спорт, таму я хацела вывучаць фінскую. У той час у маім універсітэце магчымасці вывучаць фінскую не было, тады яе вывучалі толькі ў Шведскім цэнтры. Аднак у мяне не атрымалася запісацца на курс, бо ён супадаў па часе з маімі асноўнымі заняткамі. Але, дзякуючы ўніверсітэту, я магла наведваць бясплатныя заняткі па венгерскай мове. Абедзве мовы, фінская і венгерская, адносяцца да фіна-ўгорскай моўнай групы, то я вырашыла тымчасова павывучаць венгерскую, каб потым было лягчэй засвоіць фінскую.

У нас была вельмі добрая выкладчыца, здаецца, жонка венгерскага дыпламата. Мы глядзелі фільмы, адзначалі венгерскія святы. Венгерская мова мне добра давалася. Але на наступны год, калі з’явілася магчымасць перайсці на фінскую мову, я гэта зрабіла. І гэта была мая памылка.

2 гады я вывучала фінскую мову ў Шведскім цэнтры, і няблага на ёй размаўляла ў той час, але так сталася, што яна не спатрэбілася мне пакуль па жыцці, ды і класічная фінская з Suomen Mestari (падручнік па фінскай мове) кардынальна адрозніваецца ад puhukieli (рэальная размоўная мова, на якой фіны размаўляюць у жыцці). Фіны самі па сабе людзі не настолькі адкрытыя, як славяне, хоць і вельмі харошыя. Кажуць: “Калі фін стаў вашым сябрам, то гэта на ўсё жыццё!”. Але размаўляць з імі па-фінску цяжка: разумеючы, што ты – іншаземец, яны будуць ахвотней размаўляць з табой па-англійску. Тым не менш, я не магу сказаць, што я зусім забыла яе. Бывае, на працы даводзіцца нешта перакладаць з фінскай, і я з дзівам разумею, што памятаю і словы, і граматыку, то даю рады. Магчыма, проста яшчэ не прыйшоў час фінскай заззяць, хто ведае…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *