Пераклад ,казкi, запiсанай Iосiфам Глiнскiм у маёнтку Адама Хрэптовiча на Навагрудчыне. Выданне 1862 года (першы зборнiк пабачыў свет у 1853 годзе на грошы самога Хрэптовiча).
Даўным-даўно, яшчэ да бацькоў нашых бацькоў, калі і мора, і рэкі, цешачы добрых людзей, былi поўныя сытнага кісяля, ды ваяры i сяляне, ды хто заўгодна, ва ўсе часы, разам елі і пілі дары Божыя на здароўе, — тады, — і не дзе-небудзь на чужыне, не за морам, але тут, у краіне некалi чароўнай, сярод вольных і верных людзей быў кароль.
I ў гэтага караля было трое сыноў: двое разумныя, а трэці, малодшы, — дурань. І быў у гэтага караля сад. Не звычайны сад, а сад цудаў! З усіх жа цудаў у гэтым садзе самай дзiўнай была срэбная яблыня, на якой раслі залатыя яблыкі.
І выглядала тая срэбная яблыня з залатымі яблыкамі так цудоўна, што кароль кожны дзень прыходзiў да яблынi, радаваўся яе прыгажосці і атрымліваў асалоду ад таго, што яго ўраджай штогод узбагачае казну, і, як цуд рэдкіх цудаў, славіцца ў самых далёкіх краiнах.

Аднойчы кароль зайшоў ў сад на любімую сваю яблыню паглядзець, і стаў, як укапаны: адно з тысячы залатых яблыкаў за нач знікла. А калі ўважліва агледзеў дрэва, то зразумеў, што гэта быў ужо не першы крадзеж.
Заклікаў кароль сыноў, і сказаў:
— Дарагія сыны, вы ведаеце, як люблю яблыню з залатымі яблыкамі. Хтосьці ў сад ходзiць і залатыя яблыкі крадзе. Хто з вас зловіць злодзея, той будзе мне самы мiлы і назаўсёды займее маю прыхiльнасць.
— Кароль і бацька!- усклікнулі два старэйшых каралевiча, — воля твая сёння яшчэ будзе выканана!
— А ты, малодшы мой сын, нічога не абяцаеш? — спытаў кароль Янку каралевіча, які моўчкі стаяў за братамi.
— Нічога, кароль. Як Бог дасць.
— Дурань ты, сынок!
Двое старэйшых братоў засмяяліся і з пагардай паглядзелі на малодшага.
Найстарэйшы каралевiч паклікаў сяброў, еў і пiў з імі, кажучы: «Цешыцеся і радуйцеся са мною, бо ў гэтую ноч я заслужу найвялікшую ласку караля і буду мілейшы яму, чым браты мае».
Увечары прыйшоў ён ў сад, але, стомлены праводзiнамi, хутка лёг пад срэбную яблыню, паглядзеў на залатыя яблыкі і заснуў. А калі прачнуўся амаль апоўднi, з яблыні зноў яблык знiк.
Сярэдні каралевіч парадаваўся, што брату не пашанцавала, паклікаў сяброў, пабаляваў з імі, а пасля добра ўжо стомлены пайшоў у сад. I, як старэйшы брат, лёг ён на хвіліну адпачыць ды праспаў да белага дня, так што яго сам кароль разбудзіў. А аднаго залатога яблыка iзноў не далiчылiся.
На трэці вечар пад срэбнай яблыняй стаў малодшы сын караля, Янка каралевіч. Схаваўся Янка каралевіч у густых галінах, перахрысцiў сябе, перахрысціў яблыню і пачаў чакаць. Апоўначы сярод змроку, дзесьці там далёка, з воблака раптам успыхнуў прамень сонца. Каралевіч глядзіць: вось з усходу, прама ў сад, зіхатлівы, прамянiсты, нібы шар які агністы, ноч на дзень змяняючы, ляціць птушка не птушка, — цуд сярод птушак! І, пасеўшы на яблыню, ужо амаль сарвала залаты яблык, калі Янка каралевіч птушку за хвост ухапiў. Спалохалася Жар-птушка і ўляцела, але ў руцэ Янкi каралевіча засталося адно яе сонечнае пяро.

На наступны дзень на досвітку Ян кралевiч прыйшоў у палац. I калі з рукава выняў сонечнае пяро, быццам свет сонца заззяў на ўвесь двор і палац. Кароль саскочыў з ложа і ўзрадавана усклікнуў:
— Гэта пяро Жар-птушкi! Хто зловіць яе і прынясе мне, таму палову каралеўства аддам, а калі гэта будзе адзін з сыноў маіх, то спадчыннікам на ўсё каралеўства яго пакiну.
Каралеўскiя словы пісаннямі і пасламі разнесліся па ўсёй краіне, і рыцары і юнакі, не шкадуючы здароўя і часу, тоўпіліся у садзе, дзень і ноч пiльнавалi, але яны нікога не злавiлi, таму што спуджаная Жар-птушка больш не прылятала ў каралеўскi сад. Так праз нейкi час ўсе дабраахвоты кiнулi пiльнаваць сад краля i раз’ехаліся па свеце шукаць Жар-птушку.
Паехалі і каралевічы: два старэйшых на добрых конях і малодшы на павольным старым конiку. Доўга ці коратка яны ехалi вялiкiм гасцiнцам, невядома, але, з часам, дабралiся да высокага крыжа. Адусюль дарога разыходзіцца ў тры бакі: прама, направа і налева; і на дошцы ля крыжа былi напісаны словы:
Хто паедзе прама, будзе лупцаваны
За грэх, які ўчыніць;
Хто напарва пойдзе, той заплача слёзна
З-за вiны прад братам;
Хто налева з’едзе, будзе не ў адной бядзе,
Ад братоў загіне.
Старэйшы крэлевіч павярнуў направа, сярэдні – паехаў прама, а самы малодшы — воляй-няволяй — налева.
Не паспелi далёка ад’ехаць адзiн ад аднаго, як з-за гары выйшаў буры, вялiзны воўк, ды не просты воўк, а над ўсiмi ваўкамі воўк, але быў ён страшэнна худы, толькі скура ды косці. Старэйшыя каралевічы пачалi па ваўку страляць, але ці то прамахнуліся, ці то кулі яго не ўзялі. Воўк стаяў, глядзеў, зубамі брацаў і ўжо збіраўся сыходзіць, калі Янка каралевіч, ахоплены лiтасцю, дастаў з дарожных мяшкоў смажанiну і ваўку кінуў. Воўк ўсё, што яму каралевіч з сумкі выкінуў, з’еў, і, бачачы, што ў яго больш нічога няма, так паглядзеў сумнымi вачыма, што Янка каралевiч і каня яму аддаў.
Воўк да голых костак конiка абцмактаў i раптам чалавечым голасам кажа:
— Не хвалюйся, Янка каралевіч! Не шкадуй каня! Я буду служыць табе лепш, чым ён бы здолеў, скажы толькі, куды і навошта ты едзеш?
Янка каралевiч расказаў, а воўк кажа:
— Ведай, каралевіч, што я воўк ВетраЛёт, і магу ўсё, што захачу; яшчэ сёння Жар-птушка можа быць тваёй, сядай толькі на мяне і моцна трымайся за шыю, але пад бакі не бі, бо я цябе з’ем!
Доўга не думаючы, Янка каралевіч перахрысціўся і на ваўка ўскочыў. Воўк разбегся, узмахнуў хвастом і падняўся вышэй лесу, над аблокамi і паляцеў над гарамі высокімі, над марамі глыбокімі, праз мноства розных краін. Каля паўночы ён спынiўся ля высокага вала і мовiў да каралевіча:
— Мы прыбылі на месца; Жар-птушка праз некалькі дзясяткаў крокаў наперадзе нас, за гэтым валам, пасаджаная ў залатую з дыяментамі клетку, якая, здаецца нават прыгажэйшай за птушку. Не бяры клеткi, бо цябе схопяць, толькі Жар-птушку спрытна хапай і бяжы.
Вал быў высокі, таму каралевіч крыху адступіў, разбегся, падскочыў, праз верх перабраўся і апынуўся ў садзе светлым, нібы сярод белага дня. Бачыць: пасярод саду стаiць залатая клетка, каштоўнымi камянямi ўпрыгожана i сядзіць у ёй Жар-птушка. Ад святла гэтай птушкi здавалася, што сонейка ззяе. Але клетка больш вабiла каралевiча. Забыўся ён на воўчыя словы, і замест адной птушкі ўзяў яе разам з клеткай. I вось, ледзь ён ссунуўся з месца, ланцугi, якiмi яна была прымацавана да сцяны, зрушылiся, і па садзе пачуўся жудасны гук званоў! Прыбегла ўзброеная ахова, схапiла каралевіча i павяла да караля.
— Хто ты?- злосна спытаўся кароль.
— Я сын караля, у якога, ў садзе расце срэбная яблыня з залатымі яблыкамі.. Жар-птушка крала іх у майго бацькі, я хацеў скрасці Жар-птушку.
— Шчасце тваё, што ты сын яго; я ведаю яго і паважаю, інакш ты быў бы абезгалоўлены. Я даю табе жыццё, і калі ты хочаш валодаць птушкай, ты можаш атрымаць яе ад мяне такім чынам: вось, у тым i тым царстве, у гэтага і гэтага цара, ёсць конь з залатою грываю, і ход яго такi хуткi, што зайцы і казулі дагнаць яго не ў стане, і завуць яго Златагрыўкам; калі да мяне каня прывядзеш, не толькі Жар-птушку, але і клетку з ёй аддам.
Ну, згодны ці не? Калі згодны, то iдзi, калі не, то загадаю адсячы табе галаву!
Смурны Янка каралевіч пакінуў царскі палац, выйшаў у поле і, не ведаючы, што рабіць, на мяжы сеў, і горка заплакаў. У паветры зашумела, загудзела, прыляцеў Воўк і спытаў:
— Што ты плачаш, каралевіч?
Янка каралевiч яму расказаў, а ён на гэта:
— Не плач, я ведаю, дзе гэты златагрывы конь: за далёкімі краінамі, за глыбокімі марамі, ён стаіць за дзвума замкнёными дзвярыма, і ўсё ж сёння яшчэ наш будзе! Сядай толькі на мяне, моцна трымайся за шыю, а пад бакі не бі, бо я цябе з’ем!
Каралевіч ускочыў на Ваўка, той разбегся, хвастом узмахнуў і панёсся, як ластаўка, вышэй лесу, вышэй, чым аблокі плаваюць, і апоўначы ў вала высокага ўстаў і да каралевіча кажа:
— За тым валам у мармуровай стайне, стаiць конь Златагрыўка; вазьмі гэтыя дзве травы: у правую руку сон-траву, у левую- разрыў зелле; першай варту ўсыпiш, другой-замкі паламаеш і дзверы ўзарвеш. Бяры каня і бяжы, але памятай, не бяры аброці, хоць яна i прыгажэй за каня здавацца будзе.
Каралевіч ускочыў на вал, на варту сон-травой тройчы махнуў, і варта, адразу заснула; кіўнуў разраў-зелле на жалезныя дзверы стайнi, і замкі ўпалі, дзверы адчынiлicя. Каралевіч да каня Златогрыўка падбег, ды ў гэты момант аброць пабачыў: такая цудоўная, велічная, так чароўным бляскам заваражыла, што ён на воўчую перасцярогу забыўся!
Узяў ён павады, заскочыў на каня і кінуўся на ўцёкi.

Раптам званы, прывязаныя да аброці за сцяной, зазванілі з вялікім шумам, падняўся гвалт, дзверы зачыніліся з трэскам, уварвалася абудджаная варта, Каралевіча схапiла i павяла да караля.
У першым жа парыве гневу кароль загадаў адсячы галаву палоннаму, але, крыху супакоiўшыся, вырашыў даведацца, хто ён.
Янка Каралевiч расказаў, як паслаў кароль, бацька яго, iх з братамі шукаць Жар-птушку; як яго злавілі з ёй, і як яго адпусцілі з умовай, што ён знойдзе залатагрывага каня.
— Калі ты так дапамагаеш іншым, — адказаў кароль, — дапамажы і мне: за трыдзесятым царствам, у трыдзесятым каралеўстве, у караля ёсць малодшая дачка, кралеўна Цудаліка. Яна такая прыгожая і чароўная, што ні вока не бачыла, ні вуха не чула! — але ўсім адмаўляе руку сваю. Украдзі яе і аддай мне, і я не толькі дам табе Златагрыўку з аброццю, але і зраблю табе царскі падаунак ды буду табе сябрам.
Ну, згодны ці не? Калі згодны, то iдзi, калі не, то загадаю адсячы табе галаву!
Што ён павінен быў рабіць? Пакляўся, але як стрымаць клятву? Сеў Янка каралевiч на мяжы і заплакаў.
У паветры зашумела, загрукацела, прыляцеў Воўк і спытаў.
— Чаго ты плачаш, каралевіч?
— Як жа мне не плакаць, калі так блiзка шчасце было, ды з рук выслізнула. І расказаў усё. Воўк на гэта:
— Ну, што рабіць, паедзем тады за каралеўнай Цудалікай; сядай і трымайся за маю шыю добра, бо падарожжа далёкае. Толькі пад бакі нагамі не бі, бо я цябе з’ем.
І ўзляцеў Воўк з каралевічам вышэй лесу, вышэй, чым аблокі плаваюць, і паляцеў над гарамі высокімі, над марамі глыбокімі, і каля поўдня яны перад агароджавым валам апынулiся.
— Чакай мяне тут, каралевіч, — сказаў Воўк, — хутка каралеўна наша будзе.
Сказаў гэта, праз вал пераскочыў, аб зямлю стукнуўся, і замест ваўка стаў такiм прыгожым кралевiчам, што ні вочы не бачылi, ні вушы не чулi, і па дарожках саду пайшоў як спадар. Каралеўна Цудалiка была як раз у садзе, і, калі каралевіч наблізіўся, ветліва павітала яго. А той раптоўна схапіў яе на рукі, пераскочыў праз вал, стаў ваўком і ў ногі.
А між тым служанкі каралеўны, завішчалі, закрычалi. Збегся ўвесь двор, пусціліся ў пагоню рыцары, разбегліся ва ўсе бакі паляўнічыя, палову царства абяцаў кароль таму, хто яму дачку верне. Усё дарэмна, Воўк з царэўнай Цудалікай і Янкам каралевiчам былi ужо далёка.
Схопленая ваўком каралеўна моцна спалохалася і страціла прытомнасць, а калі прыйшла ў сябе, то ўбачыла сябе на руках Янкi каралевіча.
Яны абодва былі маладыя і прыгожыя, i закахалiся яны адзін ў аднаго і пакяліся адзін аднаму ў каханні, і ў адсутнасці заручальных пярсцёнкаў Цудаліка свой пярсцёнак на дзве часткi раскалола, палову сабе пакiнула, а другую каралевiчу аддала. І былі яны абодва шчаслівыя, але ці доўга доўжыцца чалавечае шчасце?
Павольным крокам ідзе Воўк ВетраЛёт, і закаханыя вандроўцы не раптам, але хутчэй, чым хацелася б, убачылі сябе насупраць палаца таго караля, дзе трэба было каралевічу цi каралеўну Цудалiку за каня Златагрыўка саступіць, каб пасля за Жар-птушку аддаць, каб палову каралеўства атрымаць і спадчыннікам на ўсё застацца, ці пакінуць яе пры сабе, і ні з чым да бацькі вярнуцца.
Так горка плакалі абодва, не ведаючы, як быць, што сказаў Воўк: «Янка каралевіч, і каралеўна Цудалiка, вытрыце слёзы, бо і разам вы назаўжды застанецеся, і конь Златагрыўка ваш будзе. Я ператваруся ў каралеўну, а ты, Янка каралевiч, адвядзеш мяне да караля і, узяўшы наўзамен златагрывага каня, паедзеш з Богам.» І, стукнуўшыся аб зямлю, Воўк ВетраЛёт зрабіўся каралеўнай Цудалiкай, з якой царэвіч пайшоў да караля, аддаў яе яму. Кароль, зачараваны прыгажосцю каралеўны Цудалiкi, так узрадаваўся, што каня Златагрыўка, а з ім і каштоўную аброць каралевiчу аддаў, на дарогу яго абняў і за вароты палаца сам правёў.
Каралевіч рады, што ў яго так ўсё добра атрымалася, са сваёй царэўнай Цудалiкай на каня Златагрыўка сеў і ў далёкі шлях рушыў. Яны праехалi дзень, другі і трэці, можа быць і месяц, ці каля таго, ехалі, дастаткова таго, што апынулiся каля брамы палаца караля, з якім трэба было Златагрыўку на Жар-птушку мяняць.
Шкада маладым стала златагрывага каня, каралевiч з каралеўнай адно на аднаго гладзелi і не ведалi, што iм рабіць.
Пакуль каралевiч з каралеўнай раіўся, кароль, якi лiчыіў, што атрымаў каралеўну Цудалiку, адразу ж, прапанаваў ёй руку, і яны дамовіліся ажаніцца.
Сабраліся міністры і прыдворныя, і ў тронную залу кароль сваю нявесту выклікаў і заявiў, што праз гадзіну яна будзе іх каралевай і яго жонкай. Але — цуд над цудам — каралеўна ператварылася ў сапраўднага ваўка, якi завыў, клацнуў зубамі, бліснуў вачыма і скрозь акенца выляцеў.
Дагнаў Воўк сваіх падарожнікаў у той самы момант, калі яны стаялі ля свайго Златагрыўкi, не ведаючы, што рабіць далей, ён вымавіў:
— Шкада вам, як я бачу, гэтага каня! Чакайце, я сам у яго ператваруся, а ты, каралевiч, адвядзі мяне да гэтага караля, і калі Жар-птушку атрымаеш, зноў едзь шчасліва з каралеўнай, а я цябе наганю.
Каралевіч так i зрабіў, атрымаў Жар-птушку з клеткай, і зноў на Златагрыўку са сваёй каралеўнай далей рушыў. Кароль жа гэтай птушкі, радуючыся з падманнага каня златагрывага, сеў прама на яго, і са шматлікай світай прыдворных і спадароў выправiўся на паляванне. Ледзве пачаў паляванне, як з-пад мяжы выскачыў заяц i праз поле прама ў лес выслізгнуў. Але кароль на сваім Златагрыўку пусцiўся за ім і ўжо амаль загнаў яго, як замест каня раптам з-пад яго вырваўся воўк. Кароль жа крыху праляцеў у паветры i галавой ў свежае раллё ўбiўся. Ды аж па самыя плечы. Ледзь яго адтуль выратавала прыбеглая світа.
Воўк ВетаЛёт, не губляючы часу, дагнаў Янку каралевіча ўзяў яго на сябе, на Златагрыўку каралеўна Цудаліка паехала побач. Так, здзяйсняючы далейшае падарожжа, ехалi яны дзень за днём, ноч за ноччу і прыехалi, нарэшце, пад высокі крыж, на той ўжо знаёмы нам гасцiнец, дзе Воўк ВетраЛёт ўпершы раз Янку каралевіча сустрэў і з’еў яго каня, чые бялеючыя косткі яшчэ свяціліся па полі. Тут Воўк паглядзеў, уздыхнуў і сказаў:
— Вось, каралевіч, месца нашай першай сустрэчы, тут нам трэба развiтвацца; ты накарміў мяне галоднага, я абслужыў цябе ў патрэбе, і яшчэ спатрэблюся, можа быць. Бывай здаровы!
Воўк паляцеў і знік.
Пасумаваў каралевіч, пасумавала каралеўна, але хіба яны павінны заўсёды былі быць разам! Селі яны на Златагрыўку і выправiлiся ў шлях да дому. Яны едуць тыдзень, другi і трэцi, нарэшце, спынiлiся на мяжы свайго каралеўства і ўжо хацелi ўехаць паважнымi гасцямi да бацькавага горада, але пабачылi ня зялёным лугу прыгожы намёт. Загледзелiся на яго. А ў той час з-пад бліскучага ад срэбра намёту, на прыгожы зялёны луг, выходзяць два старэйшых брата Янкi каралевіча, вітаюць яго ласкава і абдымаюць, як бы сардэчна. А тым часам выгляд Жар-Птушкі, каня Златагрыўка і карлеўны Цудалікi, ды думка, што яны вернуцца дадому ні з чым, выклiкалi ў братоў такую жорсткую нянавісць, што Бог ад іх адступіў, а злы дух да злачынства падштурхнуў.
Запарасiлi яны брата свайго, а з ім і каралеўну Цудадiку, у намёт свой; шчодра там прынялi, салодкімі словамі займалi, і тыя, салодкім мёдам стомленныя, заснулі. Чаго i чакалі браты: вострым мячом Янку каралевіча пракалолі, а ад спужаннай каралеўны Цудалікі запатрабавалі, каб ім яна маўчаць аб усiм паклялася,
З ёй, Жар-Птушкай і златагрывым канём дадому паехалi. А між тым нерухомы, безжыццёвы, акрываўлены Янка каралевіч ляжаў на лузе кінуты.
Пара галосячых крумкачоў свае дзюбы і кіпцюры ў яго цёплае яшчэ цела ўжо ўваткнуць хацела, калі раптам з’явiўся Воўк, схапiў меншога крумкача за крылы, а вялікi, вольны ваўка маліць пачаў:
— Воўк, адпусці мае адзінае дзіця! Усё, што хочаш, я за яго аддам.
— Прынясі з трох крыніц гары Вечнага жыцця, вады адмярцвляючай, гаючай і ажыўляючай, — запатрабрваў Воўк.
Крумкач паляцеў, а Воўк крумкачаня, трымаючы ў лапах, пачаў распытваць, што, лётаючы па свеце, ён бачыў, і што чуў ад старэйшых братоў. Пакуль распавядала крумкачаня, вярнуўся стары крумкач з вадой у трох шклянках. Аддаў Ваўку і просiць аб вызваленнi адзінага дзіцяці, але Воўк адказаў:
— Я не магу адпусціць, пакуль не пераканаўся ў працы вады. І, стоячы над мёртвым целам каралевiча, ён пырснуў на каралевiча вадой адмяцвляючай, і ў яго знiкла смяротная бледнасць, на твары ўспыхнуў румянец і з раны засачылася цёплая кроў. Воўк пырснуў гаючай вадой, і рана зацягнулася і загаiлася, і калі ён пырснуў вадой ажыўляючай, Янка каралеввіч адкрыў вочы і сказаў:
-Як смачна я спаў!
— Ты заснуў навекі, каралевiч, і не бачыў бы ты сонца божага, калі б я не ўваскрэсіў цябе, — адказаў Воўк, — Ты быў забіты братамі тваімі, яны падзялілі тваю маёмасць: Жар-Птушку і каня Златагрыўку ўзяў брат старэйшы, а каралеўну Цудалiку – сярэднi. З якой ён хутка ажэніцца, але я дам табе спосаб вярнуць сваё: вазьмі гэтую вось дудку- самаграйку і нябачную дубінку-грымацiнку. Яшчэ памятай, што ў цябе з сабой палова пярсцёнка каралеўны Цудалiкi, і увайдзі ў палац твайго бацькі пераапранутым праз кухню. Калі загадаюць падаваць да стала, зайграеш на дудачцы так, быццам лепш за ўсiх граць ўмееш, Што далей рабiць, сам здагадаешся. Цяпер я аддаў табе ўвесь доўг, далей сам сабе радзь. Бывай здаровы!
Сказаўшы гэта, ён паляцеў і знік у паветры, а Янка каралевіч, пераапрануўшыся ў бліжэйшай вёсцы ў сялянскае адзенне, накiраваўся да свайго горада.
Ян каралевiч на двор палаца бацькi зайшоў, трапiў у кухню i залез за печку, трымаючы ў рукаве дудку-самаграйку а пад пахай дубінку-грымацiнку. З пачутых размоў ён даведаўся, што менавіта да вяселля сярэдняга каралевіча з каралеўнай Цудалікай рыхтавалі баль.
Тут у кухню ўваліўся маршалак двара і загадаў падаваць ежу да стала. Кінуліся кухары і кухарчукi да радлоў, ражноў і стальніц! Некалькі налiтых вiном ваз ўжо панеслi з кухні, калі з-за печкі пачулiся гукi дудкi-самагудкi, і ўсё жывое кінулася ў скокi: кухмiстр з белым фартухом і белай міскай на галаве, кухары з радламі, кухарчукi з ражнамі, лёкаі з вазамі, — адным словам, хто што меў у руках, з тым i пайшоў скакаць.
Сярод грання, крыку і ляска, быццам вар’яты, скакалі людзi па кухні, абліваючыся потам. Яны хутка стамiлiся i ўжо хацелі адпачыць, але нейкая дзіўная сiла, што была ў дудачцы-самаграйцы, прымушала iх скакаць далей. Кароль нецярпліва паслаў на кухню камердынераў, але і тыя ледзь на кухню ўвайшлі, таксама ў скокі пайшлі.
Невядома якiм чынам маршалак двара, ледзь вырваўшыся за зачыненыя дзверы, далажыў каралю, што на кухнi адбываецца, адразу ж з новым загадам на кухню паспяшаўся, дзе зноў апынуўшыся ў віхуры скокаў паклікаў:
— Магутны музыкант! Спыніце свае чароўнае гранне, дайце адпачыць стомленным і паслухайце паведамленне ад караля!
Заціхла самагрйка, на зямлю ўпалі змучаныя людзi, і ганец працягваў:
— Сёння ў аднаго з каралевічаў вяселле, і ўсё ж смутак усімi авалодаў; нявеста як бы здранцвела, Жар-птушка перастала шчабятаць і пер’ем свяціць, а Златагрыўка схіліў галаву, нібы пошасць або вайну прадчуваючы. Вось кароль, даведаўшыся пра твае гранне, кліча цябе ў свае пакоі і просіць сыграць.
— Калі кароль патрабуе, я сыграю, але наперад жадаю выпiць за здароўе нявесты, — адказаў пераапрануты Янка каралевiч.
Кароль на гэта пагадзiўся, нiкiм не пазнаны музыка ўвайшоў у каралеўскія пакоі, наліў срэбную чару віна і, выпіўшы, кінуў у чару сваю палову пярсёнка i аддаў каралеўне. Калі каралеўна чару напаўняла, палова пярсцёнка да верху паднялася. Узяла яна яе ў руку, прыклала да сваёй паловы, і, здзіўлена гледзячы ў вочы музыканту, пазнала. Кінулася яму на шыю, і яны сардэчна абнялiся!
Так i кароль пазнаў свайго малодшага сына, схапіў яго ў абдымкі, і ўсё раптам закружылася ад радасці! Нават Жар-птушка, толькі што панурая і цёмная, запела цудным голасам і ўся сонечным святлом заззяла, а конь златагрывы, вырваўшыся са стайні, каля акна ўстаў і іржаннем радасць паказвае
Толькi старэйшыя каралеўскія сыны стаялі, нібы пярунам пабiтыя.
Янка каралевіч на дудачцы — самагудцы зайграў, а сам ціха сказаў: «Нябачная дубінка- грымацiнка, павiнных грамi, праўду чынi».
Кароль левую руку за залаты пояс заткнуў, а правую працягнуў прыгажуне каралеўне Цудаліке i пусціўся па зале ў скокі, а за ім і старэйшыя каралевічы, далей прысутныя прыдворныя, спадары і спадарынi, а нарэшце i Жар-птушка са Златагрыўкам.
Скачуць, весяляцца, радуюцца! Але не ўсе, хто скакаў, радаваліся і весяліліся, таму што дубінка-грымацiнка нябачна, але адчувальна, выконвала сваю службу ў адносінах да старэйшых каралевічаў: пароўну град пiнкоў абрынуўся на іх шыях. Яны маўчалi, але боль узмацняўся, і дубінка яшчэ стараней малацiла іх то па спіне, то па баках! Яны кідалiся, рвалiся ў скоках, жадалi нябачна выслізнуць з залы, але сіла чароўнай дудачкi іх падахвочвала скакаць, а дубінка працягвала калаціцць. Нарэшце скончыў Янка каралевіч граць, ўсё бацьку расказаў i братам сваім дараваў.
Са сваёй нявестай каралеўнай Цудалiкай яны бацькоўскага бласлаўлення на шлюб папрасiлi, і атрымаўшы яго, у той жа вечар шчасліва ажаніліся. Кароль аддаў ім палову свайго каралеўства, і пераемнасць за сабой Янку каралевiчу забяспечыў. І гучала музыка, звінеў вясельны баль, і я на гэтай гулянцы быў, мёд і віно піў, тольi у роце нічога не было, па барадзе ўсё сцякло.


